Абвешчаны канчатковы варыянт Рэкамендацыйнага спісу прэміі «Празрысты ЭОЛ» за 2018 год
Сакратарыят літаратурнай прэміі часопіса ЛітРАЖ «Празрысты ЭОЛ» паведамляе, што афіцыйна зацверджаны канчатковы варыянт Рэкамендацыйнага спісу прэміі за 2018 год. Цалкам з Рэкамендацыйным спісам можна азнаёміцца тут.
Рэкамендацыйны спіс – кансультацыйны дакумент, які з’яўляецца інфармацыйным дапаможнікам для чальцоў Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі падчас намінацыі твораў на прэмію «Празрысты ЭОЛ». Наяўнасць твора ў рэкамендацыйным спісе не дае яму права аўтаматычна прэтэндаваць на намінацыю ў заяўленай катэгорыі – права вылучаць твор на намінацыю маюць выключна чальцы Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі, якія не абавязаны прытрымлівацца спіса (гл. Статут прэміі, пункт ІІІ. 5).
Спіс уключае практычна ўсе творы электроннай і онлайн-літаратуры за 2018 год, якія адпавядаюць крытэрыям папярэдняга адбору, заяўленым на старонцы Прэміі.
Нагадаем, аб стварэнні прэміі было абвешчана 17-га снежня 2018 года. Тады ж на сайце прэміі з'явіўся яе Статут.
21-га снежня быў абвешчаны канчатковы склад Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі прэміі.
З 1-га студзеня 2019 года праходзіў прыём рэкамендацый найлепшых віртуальных твораў белліту за 2018 год ад чытацкай і аўтарскай грамады.
11-га студзеня на старонцы прэміі ў фэйсбуку быў апублікаваны чарнавы варыянт Рэкамендацыйнага спісу.
Працэдура намінацыі твораў чальцамі Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі павінна завяршыцца да канца студзеня, але не выключана, што тэрмін прыёму намінацый ад чальцоў ВЛА будзе працягнуты да 15 лютага ў сувязі з вялікай колькасцю прапанаваных на разгляд Акадэміі твораў.