ЗАЯВА
Аргкамітэта літаратурнай прэміі «Празрысты ЭОЛ»
Аб стварэнні прэміі часопіса «ЛітРАЖ» за электронную і онлайн-літаратуру
Рады паведаміць усім прыхільнікам і стваральнікам беларускага прыгожага пісьменства, што віртуальны часопіс «ЛітРАЖ» пры актыўнай падтрымцы шэрагу творцаў і навукоўцаў заснаваў уласную прэмію за электронную і онлайн-літаратуру «Празрысты ЭОЛ».
Прэмія была задуманая намі дзеля таго, каб у межах сваіх магчымасцяў спрыяць выданню і пашырэнню беларускіх электронных кніг, якія, мы ўпэўненыя, стануць у будучыні гарантыяй усеагульнай даступнасці найлепшых і найноўшых літаратурных твораў. Таксама мы спадзяемся, што прэмія станоўча адаб’ецца на агульнай культуры літаратурнага байнэту і на якасці літаратурных онлайн-публікацый на беларускай мове, дасць беларускай літаратуры не толькі новых чытачоў, але і аўтараў.
З мэтай забеспячэння як мага большай празрыстасці, дэмакратычнасці і адначасова (спадзяемся) прэстыжнасці нашай прэміі мы ствараем сталае журы прэміі – Віртуальную Літаратурную Акадэмію. У яе ўжо ўвайшлі (і яшчэ ўвойдуць) тыя, хто мае на сваім рахунку не толькі творчыя ці навуковыя дасягненні, але і высокі аўтарытэт у беларускай літаратурнай грамадзе. Гэта пісьменнікі і перакладчыкі, крытыкі і літаратуразнаўцы. Ужо цяпер мы можам ганарыцца прысутнасцю ў Акадэміі такіх неаспрэчных мэтраў, як Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Сяргей Дубавец, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Аляксандр Фядута і многіх іншых. Асобныя літаратары, якія не змаглі ўвайсці ў Акадэмію з асабістых ці творчых прычын, выказалі нашай прэміі сваю шчырую падтрымку: сярод іх Наталка Бабіна, Вінцэсь Мудроў, Андрэй Федарэнка.
Праца Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі, а таксама Сакратарыята прэміі па вызначэнні найлепшых электронных кніг і онлайн-публікацый 2018 года будзе адбывацца ў студзені – лютым 2019 года. Чытацкая грамадскасць можа прыняць чынны ўдзел у гэтай працы на самым першым яе этапе, з 1 да 15 студзеня 2019 года: мы заклікаем усіх без вынятку чытачоў беларускай сеціратуры дасылаць на адрас Сакратарыята прэміі eol.litrazh@gmail.com спасылкі на свае ўлюбёныя творы і публікацыі, якія потым будуць вынесеныя на разгляд Акадэміі.
Мы разлічваем, што вынікі першага года існавання прэміі будуць урачыста абвешчаныя на невіртуальнай цырымоніі ўганаравання пераможцаў у сакавіку 2019 года. На момант свайго стварэння прэмія не прадугледжвае грашовай узнагароды – толькі сімвалічны каштоўны прыз.
Усе падрабязнасці наконт працэдуры вызначэння пераможцаў склад Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі, Статут прэміі ды іншае Вы можаце даведацца на сайце прэміі: premija.litrazh.org.
Аргкамітэт прэміі «Празрысты ЭОЛ»:
Алесь Аркуш, Наста Кудасава, Сяргей Прылуцкі, Ілля Сін, Ірына Шаўлякова, Макс Шчур
17.12.2018