Сфармаваная Віртуальная Літаратурная Акадэмія прэміі «Празрысты ЭОЛ»
Сакратарыят прэміі «Празрысты ЭОЛ» рады паведаміць, што 21 снежня 2018 года ў 00:00 гадзін па мінскім часе быў афіцыйна спынены прыём адказаў тых, каго мы запрасілі ў Віртуальную Літаратурную Акадэмію. Паведамленне пра гэта з’явілася на старонцы нашай прэміі ў фэйсбуку.
Запрашэнне стаць сябрам Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі атрымалі ад нас на працягу мінулага тыдня каля 80-ці выбітных беларускіх літаратараў і навукоўцаў. Запрашэнні былі разасланыя намі ў сераду 12 снежня а 21:00 гадзіне па мінскім часе электроннай поштай, у асобных выпадках мы дасылалі іх праз фэйсбук або кантактавалі кандыдата па тэлефоне. На працягу тыдня было атрымана 69 адказаў, з іх 57 станоўчых. Азнаёміцца з канчатковым складам Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі можна тут.
Паводле Статуту прэміі, «ІІ. 8. Колькасць крэслаў у Акадэміі абмежаваная колькасцю крэслаў яе першага складу». Такім чынам, Віртуальная Літаратурная Акадэмія будзе і надалей складацца з 57-і акадэмікаў.
Праца Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі па вызначэнні намінантаў на прэмію «Празрысты ЭОЛ» пачнецца з 15 студзеня 2019 года — пасля таго, як акадэмікам будзе разасланы Рэкамендацыйны спіс, у які ўвойдуць рэкамендацыі як Сакратарыята, так чытачоў і аўтараў, дасланыя нам на адрас eol.litrazh@gmail.com.