Статут 
прэміі часопіса «ЛітРАЖ»
за электронную і онлайн-літаратуру
«Празрысты ЭОЛ»

І. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

І.1. Заснавальнікам Прэміі за электронную і онлайн-літаратуру «Празрысты ЭОЛ» (далей – Прэмія) з’яўляецца віртуальны літаратурны часопіс «ЛітРАЖ» (litrazh.org) пры падтрымцы шэрагу беларускіх пісьменнікаў.

І.2. Мэты стварэння Прэміі – заахвоціць айчынных выдаўцоў да публікацыі электронных кніг; падтрымаць творчасць беларускамоўных, перадусім маладых аўтараў; прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да найлепшых літаратурных онлайн-публікацый.

І.3. На момант свайго заснавання Прэмія не прадугледжвае грашовай узнагароды – толькі сімвалічны прыз для кожнага з лаўрэатаў.

ІІ. ІНСТЫТУТЫ ПРЭМІІ

ІІ. 1. Адказнымі за вызначэнне пераможцаў Прэміі з’яўляюцца Віртуальная літаратурная Акадэмія і Сакратарыят Прэміі.

ІІ. 2. Сакратарыят Прэміі фармуецца з шэрагу ініцыятараў стварэння Прэміі – чальцоў рэдакцыі і супрацоўнікаў віртуальнага літаратурнага часопіса «ЛітРАЖ». Сакратарыят Прэміі з'яўляецца выканаўчым і каардынацыйным органам Прэміі і забяспечвае перадусім лагістычную арганізацыю мерапрыемстваў, звязаных з Прэміяй. Таксама ў абавязкі Сакратарыята ўваходзіць назіранне за выкананнем гэтага Статута.

ІІ. 3. Віртуальная літаратурная Акадэмія (далей – Акадэмія) фармуецца на добраахвотных пачатках з шырокага спектру беларускіх літаратурных адмыслоўцаў: літаратуразнаўцаў, крытыкаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў і інш. Сяброўства ў Акадэміі з’яўляецца бестэрміновым, безганарарным і добраахвотным.

ІІ. 4. Акадэмія не мае ўласных кіраўнічых органаў, выбарчых з’ездаў і г. д. – ажыццяўленне працэдуры галасавання і іншае ўзаемадзеянне між акадэмікамі адбываецца віртуальна пасярэдніцтвам інтэрнэт-старонкі Прэміі пры ўдзеле Сакратарыята Прэміі. Любыя іншыя арганізацыйныя, выбарчыя і г. д. ініцыятывы ў рамках Акадэміі супярэчаць гэтаму Статуту.

ІІ. 5. Сябрам Акадэміі можа стаць кожны ці кожная, хто мае дачыненне да беларускага літаратурнага працэсу, неаспрэчную кампетэнцыю ў вобласці прыгожага пісьменства, высокую рэпутацыю ў навуковай і пісьменніцкай грамадзе. Сябар Акадэміі мусіць быць старэйшы за сорак гадоў.

ІІ. 6. Сваёй згодай увайсці ў Акадэмію сябар Акадэміі абавязваецца захоўваць таямніцу галасавання на ўсіх этапах Прэміі да канца цырымоніі ўганаравання, а таксама дае дазвол на выкарыстанне свайго імя, прозвішча і фотаздымку на афіцыйным сайце Прэміі, у акаўнтах Прэміі ў сацыяльных сетках і інш.

ІІ. 7. Сяброўства ў Акадэміі можа быць скасавана на падставе: 1) уласнага жадання акадэміка; 2) грубага парушэння ім Статута Прэміі. Фармальнае рашэнне пра скасаванне статусу акадэміка прымае Сакратарыят Прэміі як орган, адказны за выкананне Статута Прэміі.

ІІ. 8. Колькасць крэслаў у Акадэміі абмежаваная колькасцю крэслаў яе першага складу. Давыбары новых сяброў Акадэміі адбываюцца паступова, па меры вызвалення крэслаў папярэдняга складу.

ІІ. 9. Кандыдат на сяброўства ў Акадэміі мусіць быць парэкамендаваны як мінімум трыма сябрамі Акадэміі, ягонае абранне ў Акадэмію мусіць быць ухваленае абсалютнай большасцю галасоў дзейных сяброў Акадэміі. Паводле вынікаў галасавання статус сябра Акадэміі афіцыйна сцвярджаецца і абвяшчаецца Сакратарыятам Прэміі.

ІІ. 10. Кандыдат, якому было аднойчы адмоўлена ў прыняцці ў Акадэмію (або які аднойчы ўжо адмовіўся ад прапанаванага яму крэсла ў Акадэміі), а таксама акадэмік, чыё сяброўства ў Акадэміі было аднойчы скасаванае, не маюць права вылучацца і балатавацца ў Акадэмію паўторна.

ІІІ. ПРАЦЭДУРА ВЫЗНАЧЭННЯ ПЕРАМОЖЦАЎ

Вызначэнне пераможцаў Прэміі адбываецца ў адпаведнасці з наступным алгарытмам.

А) Рэкамендацыя (стадыя, адпаведная прыёму заявак)

ІІІ. 1. Чытачы, выдаўцы і самі творцы маюць права парэкамендаваць на разгляд Віртуальнай літаратурнай Акадэміі любы твор электроннай літаратуры на беларускай мове, чужы ці ўласны, які з’явіўся ў сеціве ў перыяд да канца папярэдняга года. Для гэтага дастаткова даслаць спасылку на онлайн-публікацыю ці на электронную кнігу (або непасрэдна электронную кнігу ў адным з фарматаў: .epub, .pdf, .fb2) на электронную пошту Сакратарыята Прэміі ( eol.litrazh@gmail.com ). Апошні дзень прыёму рэкамендацый: 15 студзеня.

ІІІ. 2. Творы, апублікаваныя ў сацыяльных сетках (Facebook, ВКонтакте, Одноклассники і г. д.) а таксама на сайтах накшталт Стихи.ру, Проза.ру і г. д., або творы на іншых мовах апроч беларускай да разгляду не прымаюцца.

ІІІ. 3. Вынікам гэтага этапу Прэміі з’яўляецца стварэнне Сакратарыятам Прэміі поўнага Рэкамендацыйнага спісу твораў, якія маюць шанс быць вылучанымі на Прэмію.

Б) Вылучэнне кандыдатаў (стадыя, адпаведная лонг-лісту)

ІІІ. 4. У мэтах забеспячэння тайны галасавання перад пачаткам працэдуры вылучэння кандыдатаў на намінацыю ўсе акадэмікі атрымліваюць ад Сакратарыята Прэміі кодавыя нумары, якімі надалей карыстаюцца ў афіцыйных фармулярах замест імя/прозвішча.

ІІІ. 5. Сакратарыят Прэміі бярэ на сябе абавязак азнаёміць усіх чальцоў Акадэміі з усімі атрыманымі ў час да 15 студзеня рэкамендацыямі, склаўшы поўны Рэкамендацыйны спіс і разаслаўшы яго акадэмікам. Акадэмікі, у сваю чаргу, маюць поўнае права прыслухоўвацца або не прыслухоўвацца да рэкамендацый, атрыманых на стадыі А.

ІІІ. 6. Творы-кандыдаты на намінацыю ў кожнай з катэгорый Прэміі (гл. Дадатак 1) вылучаюць на працягу студзеня сябры Акадэміі. Вылучэнне кандыдатаў на намінацыю ў кожнай з прызавых катэгорый адбываецца пісьмова і ананімна, шляхам запаўнення кожным з акадэмікаў адпаведнага электроннага фармуляра (Фармуляр 1).

ІІІ. 7. Пры вылучэнні твораў на намінацыю абсалютная перавага аддаецца творам, апублікаваным цалкам (а не ўрыўкам твораў); у выпадку вершаў – падборкам (а не асобным вершам). Надта малыя па аб’ёме творы і публікацыі могуць быць дыскваліфікаваныя Сакратарыятам як неадпаведныя ўмовам Прэміі.

ІІІ. 8. Кожны акадэмік мае права вылучыць у адной катэгорыі ад аднаго да трох кандыдатаў, а таксама зусім не вылучаць на намінацыю творы ў той ці іншай катэгорыі ў выпадку, калі не лічыць ніводны твор вартым намінацыі.

ІІІ. 9. Адзін і той жа твор нельга вылучаць у некалькіх катэгорыях адначасова. Акадэмік не мае права намінаваць на прэмію ўласныя творы. За правільнасць размеркавання вылучаных твораў паводле катэгорый і іншыя арганізацыйна-тэхнічныя моманты, звязаныя з вылучэннем, адказвае Сакратарыят Прэміі.

ІІІ. 10. Запоўнены намінацыйны фармуляр (Фармуляр 1) акадэмік высылае на электронны адрас Сакратарыята Прэміі. Апошні дзень прыёму намінацыйных фармуляраў ад сяброў Акадэміі – 31 студзеня.

ІІІ. 11. Калі акадэмік не змог своечасова ўзяць удзел у гэтым этапе Прэміі, ён не можа дадаткова вылучаць сваіх кандыдатаў на намінацыю, але можа, тым не менш, пры жаданні ўдзельнічаць у галасаванні па вызначэнні пераможцаў (стадыя Г).

В) Намінацыя (стадыя, адпаведная шорт-лісту)

ІІІ. 12. Шляхам простага падліку галасоў як мінімум тры найчасцей іменаваныя акадэмікамі ў кожнай з катэгорый творы/праекты/кандыдаты аўтаматычна атрымліваюць статус намінаваных на Прэмію ў адпаведнай катэгорыі. (У выпадку, калі на перамогу ў катэгорыі не вылучаны прынамсі тры кандыдаты, пераможца ў гэтай катэгорыі не абвяшчаецца.) Поўную адказнасць за слушны падлік галасоў акадэмікаў нясе Сакратарыят Прэміі.

ІІІ. 13. Колькасць намінаваных на Прэмію ў адпаведнай катэгорыі можа быць пашыраная, калі адразу некалькі твораў/праектаў атрымаюць ад акадэмікаў адну з трох найвышэйшых колькасцяў галасоў.

ІІІ. 14. Вынікам гэтага этапу з’яўляецца стварэнне Сакратарыятам Прэміі ў найкарацейшы магчымы тэрмін Намінацыйнага спісу і ўнясенне намінантаў (аўтар, назва твора і рэсурс, які твор выдаў ці апублікаваў) у электронны фармуляр для галасавання (Фармуляр 2, без пазначэння колькасці атрыманых галасоў, у алфавітным парадку).

ІІІ. 15. Імёны намінаваных аўтараў, назвы намінаваных твораў і іншыя дадзеныя намінантаў могуць быць абнародаваныя выключна на цырымоніі ўганаравання Прэміяй.

Г) Галасаванне

ІІІ. 16. Пераможцу ў кожнай катэгорыі вызначаюць сябры Акадэміі шляхам тайнага электроннага галасавання.

ІІІ. 17. Галасаванне за 2-е і 3-е месцы ў катэгорыі не праводзіцца: адпаведнікам 2-3 месца лічыцца факт намінацыі (стадыя В).

ІІІ. 18. Днём пачатку галасавання лічыцца дзень атрымання ўсімі акадэмікамі электроннага фармуляра для галасавання (Фармуляр 2), складзенага Сакратарыятам Прэміі ў адпаведнасці з Намінацыйным спісам. Дзень завяршэння галасавання – 28 лютага.

ІІІ. 19. Усе неадпаведнасці правілам і Статуту ў запоўненым фармуляры для галасавання Сакратарыят Прэміі ў выпадку крайняй неабходнасці ўзгадняе з тым акадэмікам, які яго запаўняў.

Д) Вызначэнне пераможцаў

ІІІ. 20. Пераможца ў кожнай катэгорыі вызначаецца з ліку намінаваных твораў простай большасцю галасоў, атрыманых ад акадэмікаў. За правільны падлік галасоў на падставе атрыманых ад акадэмікаў фармуляраў (Фармуляр 2) адказвае Сакратарыят Прэміі.

ІІІ. 21. Не рэкамендуецца абвяшчаць пераможцам аднаго і таго ж аўтара ў адной і той жа катэгорыі два гады запар.

ІІІ. 22. У выпадку роўнай колькасці галасоў, пададзеных за два і болей намінаваныя творы, пераможцам аўтаматычна становіцца твор, які быў намінаваны на прэмію большай колькасцю галасоў (гл. стадыя Б). У выпадку роўнай колькасці галасоў, атрыманых ад акадэмікаў на стадыі Б, пераможца ў адпаведнай катэгорыі вызначаецца рэдакцыяй віртуальнага часопіса «ЛітРАЖ» шляхам простага галасавання.

ІІІ. 23. На падставе падліку галасоў Сакратарыят Прэміі стварае Спіс пераможцаў (з пазначэннем колькасці атрыманых імі галасоў) ува ўсіх катэгорыях. На падставе Спісу Сакратарыят Прэміі перадае імёны пераможцаў арганізатарам цырымоніі ўганаравання Прэміяй у Мінску.

Е) Абвяшчэнне вынікаў

ІІІ. 24. Намінацыі ўва ўсіх катэгорыях і пераможцы ўва ўсіх катэгорыях Прэміі абвяшчаюцца на цырымоніі ўганаравання Прэміяй у сакавіку.

Ж) Народны кантроль

ІІІ. 25. Пасля абвяшчэння вынікаў Сакратарыят Прэміі публікуе на вэб-старонцы Прэміі ўсе запоўненыя акадэмікамі фармуляры (Фармуляр 1 і Фармуляр 2) без паказання імёнаў акадэмікаў (выключна пад кодавымі нумарамі), а таксама Рэкамендацыйны спіс, Намінацыйны спіс і Спіс пераможцаў, каб грамадскасць магла пераканацца ў правільнасці падліку галасоў акадэмікаў і ў выпадку парушэння працэдуры вызначэння пераможцаў апратэставаць вынікі Прэміі.

IV. ПРА ГЭТЫ СТАТУТ

IV. 1. Гэты Статут складзены Сакратарыятам Прэміі і ўхвалены рэдакцыяй часопіса «ЛітРАЖ».

IV. 2. Змены ў гэты Статут могуць быць унесеныя з ініцыятывы сяброў інстытутаў Прэміі (Сакратарыяту ці Акадэміі). Каб набыць дзейную моц, змены мусяць быць ухваленыя рэдакцыяй часопіса «ЛітРАЖ» і зацверджаныя Сакратарыятам Прэміі.

 

Зацверджаны 10.12.2018

 

ДАДАТАК 1. ПРЫЗАВЫЯ КАТЭГОРЫІ ПРЭМІІ

а) Арыгінальныя онлайн-публікацыі

1. Найлепшая онлайн-публікацыя: паэзія

2. Найлепшая онлайн-публікацыя: проза

3. Найлепшая онлайн-публікацыя: драматургія

4. Найлепшая онлайн-публікацыя: эсэістыка

5. Найлепшая онлайн-публікацыя: крытыка

6. Найлепшая онлайн-публікацыя: літаратуразнаўства

б) Электронныя кнігі

7. Найлепшая электронная кніга: проза

8. Найлепшая электронная кніга: паэзія

9. Найлепшая электронная кніга: нон-фікшн

в) Перакладныя

10. Найлепшая онлайн-публікацыя: перакладная паэзія

11. Найлепшая онлайн-публікацыя: перакладная проза і драматургія

12. Найлепшая онлайн-публікацыя: перакладная нон-фікшн

13. Найлепшая электронная кніга: перакладная паэзія

14. Найлепшая электронная кніга: перакладная проза

15. Найлепшая электронная кніга: перакладная нон-фікшн

г) Медыі

16. Найлепшы літаратурны вэб-праект

17. Найлепшае літаратурнае перыядычнае выданне, даступнае онлайн

18. Найлепшы літаратурны аўдыёзапіс, апублікаваны ў інтэрнэце

19. Найлепшае літаратурнае відэа, апублікаванае ў інтэрнэце

д) Іншыя

20. Адкрыццё года: аўтар, тэкст, падзея...

21. Асобная прэмія рэдакцыі часопіса «ЛітРАЖ» за ўнёсак у беларускую онлайн-літаратуру