22 сакавіка ў Мінску ў Галерэі TUT.BY адбылося ўрачыстае ўганараванне першых у гісторыі лаўрэатаў прэміі «Празрысты ЭОЛ». Прызы аўтарства скульптара Паўла Вайніцкага былі ўручаныя ў шаснаццаці катэгорыях.
Навіны
Уначы 1-га сакавіка быў афіцыйна спынены прыём электронных фармуляраў ад чальцоў Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі, якія скарысталіся сваім правам прагаласаваць за найлепшыя творы беларускай электроннай і онлайн-літаратуры 2018 года.
Уначы 16-га лютага быў афіцыйна спынены прыём электронных фармуляраў для галасавання ад чальцоў Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі, якія скарысталіся сваім правам намінаваць на прэмію «Празрысты ЭОЛ» найлепшыя творы беларускай электроннай і онлайн літаратуры 2018 года.
Сакратарыят літаратурнай прэміі часопіса ЛітРАЖ «Празрысты ЭОЛ» паведамляе, што афіцыйна зацверджаны канчатковы варыянт Рэкамендацыйнага спісу прэміі за 2018 год. Цалкам з Рэкамендацыйным спісам можна азнаёміцца тут.
Спіс уключае практычна ўсе творы электроннай і онлайн-літаратуры за 2018 год, якія адпавядаюць крытэрыям папярэдняга адбору, заяўленым на старонцы Прэміі.
Сакратарыят прэміі «Празрысты ЭОЛ» рады паведаміць, што 21 снежня 2018 года ў 00:00 гадзін па мінскім часе быў афіцыйна спынены прыём адказаў тых, каго мы запрасілі ў Віртуальную Літаратурную Акадэмію. Паведамленне пра гэта з’явілася на старонцы нашай прэміі ў фэйсбуку. Паводле Статуту прэміі, «ІІ. 8. Колькасць крэслаў у Акадэміі абмежаваная колькасцю крэслаў яе першага складу». Такім чынам, Віртуальная Літаратурная Акадэмія будзе і надалей складацца з 57-і акадэмікаў.
Літаратурнай прэміяй «Празрысты ЭОЛ» будуць адзначаныя найлепшыя электронныя кнігі і онлайн-публікацыі. Заснавальнікамі прэміі выступілі вэб-часопіс «ЛітРАЖ» і шэраг пісьменнікаў, якія па «оскараўскім» прынцыпе згуртаваліся ў прафесійную акадэмію. Першае ўганараванне лаўрэатаў плануецца ўжо ўвесну 2019 году. Пераможцы будуць вызначаныя адразу ў дваццаці катэгорыях.
Намінаваць на прэмію творы і абіраць пераможцаў будуць сябры Віртуальнай літаратурнай Акадэміі прэміі шляхам тайнага онлайн-галасавання. У яе ўжо ўвайшлі (дадаюцца па меры пацверджання) людзі з несумненнымі дасягненнямі ў літаратуры: Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Сяргей Дубавец, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Аляксандр Фядута і многія іншыя. Асобныя літаратары, якія не змаглі ўвайсці ў склад Акадэміі, выказалі падтрымку: Наталка Бабіна, Вінцэсь Мудроў, Андрэй Федарэнка.
Рады паведаміць усім прыхільнікам і стваральнікам беларускага прыгожага пісьменства, што віртуальны часопіс «ЛітРАЖ» пры актыўнай падтрымцы шэрагу творцаў і навукоўцаў заснаваў уласную прэмію за электронную і онлайн-літаратуру «Празрысты ЭОЛ».
Прэмія была задуманая намі дзеля таго, каб у межах сваіх магчымасцяў спрыяць выданню і пашырэнню беларускіх электронных кніг, якія, мы ўпэўненыя, стануць у будучыні гарантыяй усеагульнай даступнасці найлепшых і найноўшых літаратурных твораў. Таксама мы спадзяемся, што прэмія станоўча адаб’ецца на агульнай культуры літаратурнага байнэту і на якасці літаратурных онлайн-публікацый на беларускай мове, дасць беларускай літаратуры не толькі новых чытачоў, але і аўтараў.