Завяршыўся другі, Намінацыйны этап прэміі «Празрысты ЭОЛ» 2018
Уначы 16-га лютага быў афіцыйна спынены прыём электронных фармуляраў для галасавання ад чальцоў Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі, якія скарысталіся сваім правам намінаваць на прэмію «Празрысты ЭОЛ» найлепшыя творы беларускай электроннай і онлайн-літаратуры 2018 года.
Усяго былі вызначаныя 52 намінацыі ў 15-ці катэгорыях, з іх у дзевяці катэгорыях — па тры намінаваных, у пяці катэгорыях — па чатыры, і ў адной — пяць.
Абноўлена! Пасля паўторнага кантрольнага падліку выявілася, што двое з чальцоў Акадэміі памылкова намінавалі свае ўласныя творы, што забаронена Статутам Прэміі (ІІІ.9.). Такім чынам, пасля мінусавання галасоў колькасць намінантаў змянілася: 51 намінацыя ў 15-ці катэгорыях, з іх у дзесяці катэгорыях — па тры намінаваных, у чатырох катэгорыях — па чатыры, і ў адной — пяць.
Поўная статыстыка па галасаванні, улучна з назвамі намінаваных твораў і атрыманай імі колькасцю галасоў, будзе даступная на нашым сайце пасля абвяшчэння канчатковых вынікаў прэміі.
Днямі чальцы Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі атрымаюць электронныя фармуляры для галасавання за лаўрэатаў на трэцім — выніковым — этапе прэміі.
Галасаванне будзе завершанае 28 лютага, імёны пераможцаў будуць абвешчаныя 22 сакавіка 2019 года на ўрачыстай цырымоніі ўганаравання, якая адбудзецца ў Мінску.