Справаздача Сакратарыяту прэміі «Празрысты ЭОЛ» па выніках галасавання Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі ў першым сезоне прэміі, 01.01. — 28.02.2019

Першы этап: Рэкамендацыйны (Статут ІІІ. А)

Першы этап літаратурнай прэміі «Празрысты ЭОЛ» 2018 праходзіў з 1 па 15 студзеня 2019 года. На пачатку быў распрацаваны чарнавы варыянт Рэкамендацыйнага спісу («лонг-ліста»), у які пазней былі дадаткова ўнесеныя публікацыі (агулам каля пяці), прапанаваныя самімі аўтарамі, пры ўмове што творы адпавядалі агульным крытэрыям адбору.

Чытацкіх рэкамендацый Сакратарыят прэміі сёлета на жаль не атрымліваў.

Змена колькасці сяброў Акадэміі

Яшчэ да пачатку галасавання змянілася колькасць сяброў Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі. Трое яе сяброў у розны час (1-я палова студзеня) узялі «самаадвод» і папрасілі выключыць іх з Акадэміі з вельмі важных асабістых прычын. (Гл. Статут, ІІ. 7.)

Сакратарыят, такім чынам, задаволіў просьбы аб выключэнні са складу Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі траіх яе сяброў (у алфавітным парадку): Ірыны Жарнасек, Ігара Сідарука і Антаніны Хатэнка. У далейшай працы Акадэміі яны ўдзелу не бралі і ўплыву на вынікі прэміі не мелі.

Таксама было пастаноўлена прапанаваць вызваленыя крэслы наступным кандыдатам у Акадэмію толькі пасля завяршэння першага сезону прэміі, каб не праводзіць яшчэ і давыбараў (то бок двух галасаванняў адначасова).

Другі этап: першы тур галасавання. Намінацыя (Статут ІІІ. Б, В)

17 студзеня 54-м сябрам Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі быў разасланы канчатковы варыянт Рэкамендацыйнага спісу («лонг-ліста») прэміі, разам са спасылкамі на электронныя фармуляры, інструкцыямі па іх запаўненні і электроннымі ЭОЛ-подпісамі («кодавымі нумарамі»).

Цягам другога этапу прэміі акадэмікі меліся намінаваць у кожнай з пятнаццаці выбарных катэгорый Рэкамендацыйнага спісу максімальна тры найлепшыя творы, па жаданні — меней або ніводнага.

Першапачаткова планавалася, што вылучэнне твораў на намінацыю будзе завершанае ўжо 31 студзеня, аднак з увагі на вялікую колькасць твораў-кандыдатаў і на падставе просьбаў акадэмікаў другі этап прэміі быў працягнуты да 15 лютага.

З асабістых прычын на гэтым этапе прэміі не змаглі ўзяць удзел у працы Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі дванаццаць яе сяброў. Гэтым яны не парушылі Статуту прэміі (гл. ІІІ. 8.), які ўважае ўдзел у вызначэнні намінантаў і пераможцаў прэміі за ПРАВА, а не абавязак акадэмікаў.

Іншымі словамі, прымусіць некага галасаваць ці не галасаваць Сакратарыят не мае ні намеру, ні магчымасці — удзел ці няўдзел у галасаванні ёсць выключна пытаннем сумлення і асабістай зацікаўленасці саміх акадэмікаў, якія дабраахвотна пагадзіліся ўвайсці ў ВЛА, што выконвае фунцыю журы прэміі.

Такім чынам, у Намінацыйным этапе прэміі ўзялі ўдзел сорак два акадэмікі з пяцідзесяці чатырох.

Гэта 77,7 %, больш за тры чвэрці — дастаткова высокі працэнт «яўкі» для любога дэмакратычнага непрымусовага галасавання, пагатоў пры ўмове, што ў электронным галасаванні большасць акадэмікаў удзельнічала ўпершыню.

З вынікамі Намінацыйнага этапу прэміі з пазначэннем колькасці галасоў, атрыманых кожным з твораў-кандыдатаў, можна азнаёміцца ў ДАДАТКУ 1.

Трэці этап: другі тур галасавання. Вызначэнне пераможцаў. (Статут ІІІ. Г)

17 лютага на падставе вынікаў Намінацыйнага этапу быў створаны і разасланы акадэмікам Намінацыйны спіс («шорт-ліст») прэміі (гл. ДАДАТАК 2.), у які трапілі ў розных катэгорыях ад трох да пяці літаратурных твораў. На падставе гэтага спісу быў створаны фармуляр для галасавання ў другім туры прэміі.

У другім туры галасавання з асабістых (у адным выпадку з тэхнічных) прычын не змаглі ўзяць удзел адзінаццаць сяброў ВЛА. Такім чынам, пераможцаў прэміі ў другім туры абіралі сорак тры акадэмікі з пяцідзесяці чатырох (79,6%).

Другі тур завяршыўся 28 лютага (галасаванне было спыненае ўначы 1.3.) і вызначыў пераможцаў прэміі «Празрысты ЭОЛ» у пятнаццаці катэгорыях.

З канчатковымі вынікамі галасавання ў другім туры прэміі з пазначэннем колькасці галасоў, атрыманых кожным з твораў-намінантаў, можна азнаёміцца ў ДАДАТКУ 3.

Асобныя заўвагі да галасавання

Дзякуючы добра арганізаванай працы Сакратарыяту і перадусім вэб-каманды прэміі галасаванне ў абодвух турах прайшло практычна без праблем.

Адзінай тэхнічнай памылкай, якую дапусцілі некалькі акадэмікаў як у першым, так і другім туры галасавання, было тое, што замест унясення правак ва ўжо створаны электронны фармуляр яны памылкова стварылі і запоўнілі фармуляр новы, чым дэ факта прагаласавалі паўторна.

Ува ўсіх падобных выпадках за канчатковы ўважаўся апошні створаны акадэмікам фармуляр, папярэднія ягоныя спробы прагаласаваць аўтаматычна ігнараваліся.

Як бачым, згаданая памылка мела чыста тэхнічны характар і выплывала з недакладнага выканання акадэмікам інструкцый па галасаванні, атрыманых ад Сакратарыяту.

Адзіная «юрыдычная» памылка, звязаная з парушэннем Статуту, была дапушчаная двума акадэмікамі цягам першага туру галасавання: абое намінавалі на прэмію ўласныя творы, што Статут ім забараняе (гл. ІІІ. 9.). Пасля выяўлення памылкі абодва галасы, аддадзеныя з парушэннем правіл, былі ў адпаведных твораў-кандыдатаў адабраныя (мінусаваныя). Прычым у адным выпадку мінусаванне адбілася на выніках галасавання: адзін са згаданых твораў-кандыдатаў страціў намінацыю. (Гл. Завяршыўся другі, Намінацыйны этап прэміі «Празрысты ЭОЛ» 2018.)

Іншых асаблівасцяў галасаванне ў першым сезоне літаратурнай прэміі «Празрысты ЭОЛ» не мела.

Image: